Цуда-вёска на Мядзельшчыне працуе на сонечных батарэях

Электраэнергія, што здабываецца са звычайнай сажалкі, і сонечныя батарэі, з дапамогай якіх выпякаецца хлеб, прынеслі жыхарам вёскі Камарова Мядзельскага раёна, што за 132 кіламетры ад Мінска, мільённыя інвестыцыі ў СКВ і даволі шырокую вядомасць.

Аднавіць будынкі 1820-1827 гадоў, якія належалі былому гаспадару маёнтка графу Камарову, і цудоўны парк вакол яго стала той ідэяй, што аб’яднала камароўцаў і натхніла на тое, каб змяніць сваё жыццё і наваколле ўласнымі рукамі. У 1986 годзе на тэрыторыі вёскі былі пабудаваны першыя катэджы, а на пачатку новага тысячагоддзя атрыманы першы грант у 500 долараў.

“Амаль усё, чым можа зараз ганарыцца наша вёска, зроблена нашымі рукамі, – гавораць мясцовыя жыхары. – Самі рамантавалі будынак цяперашняга цэнтра, расчышчалі парк. І ўсё гэта без грошай, на адным энтузіязме і жаданні зрабіць вёску прыгожай і ўтульнай. Да нас прыязджаюць суседзі, цікавяцца, наведваюцца турысты. Для іх “сонечнае” печыва – дзіва, а для нас – свежы ўласны хлеб. І мы гатовы падзяліцца вопытам з усімі жадаючымі, бо зрабіць тое ж самае можна ў любым кутку Беларусі.”

500 ДОЛАРАЎ ЗА ШЧАСЦЕ

Пачыналася ўсё са старога парку, якому вырашана было надаць больш прывабны выгляд. Вынаходлівыя камароўцы стварылі грамадскае жаночае аб’яднанне “Жанчыны за адраджэнне Нарачанскага краю”, якое цяпер вядома і за межамі Беларусі, а першы атрыманы грант (500 долараў) скарысталі на закупку кветак і насення.

– Для нас гэтыя грошы былі тады за шчасце, – расказвае “Тут і цяпер” Эдуард Вайцяховіч, кансультант цэнтра развіцця сельскага прадпрымальніцтва в. Камарова. – Мне казалі, што ў вёсцы не хапае грошай на паліва і запчасткі, быццам бы гэта магло вырашыць праблему на будучыню. Мы пасадзілі кветкі, пачысцілі сажалку, а зямлёй з яе выраўнялі ўчастак парку, на якім з’явіўся стадыён.

Відавочны плён працы прынёс наступны грант у 3 000 долараў, потым – яшчэ больш. У парку сталі рабіць мосцікі, насыпаць сцежкі і тэрасы, за якія мясцовыя чыноўнікі спачатку лаялі Вайцяховіча, а потым, убачыўшы, што яны цудоўна ўпісваюцца ў ландшафт, – хвалілі. Камароўцы кажуць, што яны пастаянна выкарыстоўвалі патэнцыял сваіх сяброў – архітэктараў, пісьменнікаў, інжэнераў, прыцягвалі ў вёску ўсе веды і тэхналогіі, якія маглі здабыць і ператварыць у жыццё.

ПАД ЛЯЖАЧЫ КАМЕНЬ…

Адных намаганняў камароўцаў для карэнных змен, магчыма, і не хапіла б, але дапамог выпадак. У 2006 годзе кіраўніцтва дзяржавы запланавала правесці ў Мядзельскім раёне рэспубліканскі экалагічны форум. Кіраўнік Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Лявонцій Харужык, здзіўлены прыгажосцю, што стварылі жыхары Камарова, вырашыў, што Камарова будзе цэнтральным месцам паказу форуму. І пад гэты праект вёска атрымала мільярд рублёў.

– Мы не маглі б разлічваць на такія грошы, калі б самі не пачалі нешта рабіць, – кажа Эдуард Вайцяховіч. – Грошай на ўсіх заўсёды не хапае, але іх атрымліваюць тыя, хто можа іх атрымаць. Мы задумаліся, як забяспечыць людзей працай. Вядома, што сельская гаспадарка рэдка дзе ў свеце цяпер з’яўляецца прыярытэтнай галіной эканомікі, і мы вырашылі развіваць іншыя кірункі. Так нарадзілася ідэя стварэння цэнтра сельскага прапрымальніцтва, які б дапамагаў людзям развіваць свой малы бізнес.

Пасля адпаведны праект перамог сярод васьмі аналагічных праектаў, якія разглядала прадстаўніцтва ААН у Беларусі. Праўда, замест абяцаных 50 000 долараў камароўцы атрымалі толькі 11 000, але гэтага хапіла, каб стварыць цэнтр.

НА ДРОВАХ, ВЕТРЫ І СОНЦЫ

Цяпер у Камарове развіваюць экалагічна чыстую сельскую гаспадарку, эканоміку, бізнес, экалогію, адукацыю – усё, што можна аб’яднаць у сучасны кірунак стратэгіі ўстойлівага развіцця. Зварот да новага ў вёсцы відаць ва ўсім, нават у адсутнасці паміж катэджамі платоў – замест іх жывая агароджа з падстрыжанай алычы.

– Мы пачыналі добраўпарадкаванне не таму, каб было што паказаць іншым, а каб палепшыць сваё жыццё, – гаворыць Эдуард Вайцяховіч. – Калі пабудавалі сваю гідраэлектрастанцыю, мне казалі: “І каго ты хочаш здзівіць сваімі трыма кілаватамі?”. Так, наша ГЭС працуе толькі шэсць гадзін у суткі, бо на большае не хапае сілы вады, і прыносіць каля трох кілават электраэнергіі. Аднак гэтай колькасці хопіць, каб забяспечыць у парку вулічнае святло, якое мы запланавалі. Для таго каб атрымаць мільён, трэба спачатку зарабіць капейкі.

Сябры з Германіі яшчэ ў тыя часы, калі пра мясцовыя віды паліва ніхто ў Беларусі і не думаў, падарылі камароўцам кацёл на дровах, ККД якога складае 96%. Зараз кацельня вёскі падыходзіць пад усе стандарты экалагічных праграм.

Офіс цэнтра знаходзіцца ў адрэстаўрыраваным былым будынку свінарніка, на даху якога ўстаноўлены сонечныя батарэі. Гэта не толькі яшчэ адна крыніца электраэнергіі, але і сродак зарабляць грошы. Энергію, якую атрымліваюць з гэтай аднаўляльнай крыніцы энергіі, вёска прадае дзяржаве па 400 рублёў за 1 кВт, а за такую ж колькасць звычайнай энергіі плаціць дзяржаве каля 200 рублёў за 1 кВт. Выгада відавочная і абсалютна законная. Кансультант цэнтра падлічыў, што за год энергія ад сонечнай батарэі не толькі пакрые патрэбнасці вёскі, але і прынясе прыбытак.

На сонечнай энергіі ў Камарове працуе і пякарня, названая “H?llhorst” у гонар нямецкага горада, партнёры з якога забяспечылі вяскоўцаў абсталяваннем для выпечкі. Насамрэч, ці то справа ў сонцы, ці то яшчэ ў чым, але булкі і батоны з гэтай пякарні сапраўды на дзіва смачныя (сама каштавала).

– Калі мы вырашылі паставіць у пасёлку Занарач ветракі, каб скарыстоўваць энергію ветру, – расказвае Эдуард Вайцяховіч, – мяне папрасілі выйсці з выканкама, каб не казаў абы-чаго. “Нафты і газу шмат, і іх хопіць”, – пачуў я тады.

Зараз дзве ўстаноўкі, якія працуюць на энергіі ветру, забяспечваюць 4% электраэнергіі Мядзельскага раёна.

Ірына СІНІЦА, Svabodaby.net

By |2018-12-10T14:24:05+03:0030 октября, 2012|Статьи|Комментарии к записи Цуда-вёска на Мядзельшчыне працуе на сонечных батарэях отключены